Пра праект

Праект "Магшоты палітвязняў" створаны праваабаронцай "Вясны" ў межах стыпендыяльнай праграмы Free Belarus Center.

30 палітзняволеных прадаставілі свае магшоты (фота пад арыштам) і распавялі пра фотаздымку ў няволі, а таксама пра свае пачуцці. Гэта фотаздымкі са справак аб вызваленні і "жоўтых бірак", якія рабіліся ў калоніях, следчых ізалятарах, на "хіміях" і нават ЛПП.

Аўтарка праекту Дзіяна Пінчук распавяла пра працу над ім.

"Гэта яшчэ адзін са спосабаў, у тым ліку на іншай візуальнай мове, распавесці і прыцягнуць увагу да праблемаў палітвязняў, у якіх умовах яны ўтрымліваюцца і асаблівае стаўленне да іх. Часам паўстае пытанне этычнасці публікацыі фота і відэа з-за кратаў. Да гэтых магшотаў, якія прадаставілі самі былыя палітзняволеныя, на мой погляд, варта ставіцца як да дакументаў не толькі гэтых асобаў, але важнай крыніцы інфармацыі і дакументаў часу. Гэтыя магшоты — каштоўныя дакументы памяці, якія зафіксавалі эмоцыі і стан чалавека. Для многіх з палітвязняў гэта адзіны фотаздымак за два-тры гады жыцця, які ў іх ёсць цяпер. Уявіць гэта складана, калі ў нашых галерыях тэлефонаў захоўваюцца сотні фотаздымкаў", — падкрэсліла праваабаронца.

Былыя палітзняволеныя таксама могуць прыняць удзел у праекце і такім чынам задакументаваць сваю гісторыю. Для гэтага трэба запоўніць адмысловую гугл-форму.