асуджана па "справе студэнтаў" да 2,5 гадоў калоніі паводле арт. 342 КК, вызвалена 30 лістапада 2022 г. з гомельскай калоніі № 4
1. Гэта фота са спраўкі аб вызваленні, якую мне выдалі раніцай 30 лістапада 2022 года перад самым выхадам з жаночай калоніі ў Гомелі.
2. Калі не памыляюся, здымак быў зроблены 09.10.2021 у будынку атрада "карантыну", дзе мы знаходзіліся 14 дзён па прыбыцці ў калонію. Гэтаму моманту папярэднічаў вельмі складаны — эмацыйна і фізічна — шлях: этап з СІЗА-1 на аўтазаку да сталыпінскага вагона* і цягніка да жаночай калоніі (*цягнік, які едзіць праз усе СІЗА краіны і вязе асуджаных і заключаных ў калоніі ці іншыя далёкія СІЗА).
З чатырма цяжкімі торбамі-баўламі, якія прымушалі пераносіць на сябе адначасова, пад крыкі і пагрозы сілавікоў, забароны дапамагаць мне, я перасоўвалася паміж часткамі гэтай вандроўкі, слухала дзікія гісторыі спадарожнікаў, асуджаных па розных артыкулаў, і не спала ўсю ноч у дрыготкім набітым 15 людзьмі і задымленым вагончыку. Па прыезду ў калонію абсалютна не адчувалася палёгкі, бо з самага ранку да вечара мы перацягвалі нажытае, хутка прымалі душ, выкідвалі забароненыя рэчы па спісу, праходзілі доўгі вобшук, у тым ліку, голы, і атрымоўвалі свой камплект робы — форменнага адзення.
Пасля таго як я апранулася і перайшла ў актавую залю атрада "каранціна" з пакінутымі мне рэчамі, мне "селі на вушы" і пачалі дыктаваць далейшыя інструкцыі і даваць падпісаць розныя арганізацыйныя паперы. У гэты момант я адчула адчай, злосць, моцную трывогу, неверагодную стомленасць і бясілле, якія стаялі ў горле камяком. Адчуванне, што я страціла штосьці вельмі важнае.
Далей да мяне падыйшла асуджаная, якая працавала ў мясцовым клубе, займалася тэлеканалам "Вектар" — паставіла ў сцяны і сфатаграфавала.
3. Гледзячы на здымак, перад вачыма праносяцца розныя эпізоды таго перыяда — і вельмі сумныя з-за той колькасць болю, знявагаў, здзекаў, якія адбываліся са мной і з іншымі людзьмі, якія трэба было навучыцца вытрымліваць. Зараз я гляджу на гэтую маладую жанчыну са здымку, мне хочацца яе абняць, сказаць, што яна малайчына. Нягледзячы на падзеі і спектр жудасных эмоцый, адлюстраваных на твару, я бачу свет і дабрыню у вачах стомленай моцнай Аланы 2021 году.
4. Гэты здымак нагадвае мне аб тых пакутах, якія прыйшлося перанесці на сваіх плячах і аб тым, што перажывалі палітвязніцы побач са мной. Нагадвае аб тым, што кожнадзённа правы тысячаў беларусаў_ак у турмах парушаюцца, і яны праходзяць праз мясарубку гэтай сістэмай, праз дзікія катаванні. Ён нагадвае мне аб тых абяцаннях, што я дала людзям і, у тым ліку, што ад нас залежыць, у якіх умовах яны будуць сядзець, ці будуць аб іх памятаць і калі яны вызваляцца. Я пакіну здымак, як напамін для барацьбы і памяць пра важны эпізод майго жыцця.
Гісторыя пераследу
CC-BY 4.0 Human Rights Center "Viasna"