асуджаны за журналісцкую дзейнасць да 1,5 года калоніі паводле арт. 342 КК, вызвалены 21 верасня 2022 г. з магілёўскай калоніі № 15
1. Гэта адзінае маё фота за час зняволення. Было яшчэ адно, знятае на "Валадарцы", як туды прывезлі ў дзень затрымання 23 снежня 2021 г., але тое фота я не бачыў, яно засталося ў нейкіх міліцэйскіх базах. Калі здымалі, я яшчэ падумаў, што вось і мой твар застанецца ў гісторыі гэтак жа , як сотні тысяч твараў арыштантаў "Валадаркі" да мяне... А гэта іншае фота — яго рабілі адмыслова для даведкі пра вызваленне ў калоніі ПК № 15.
2. Гэта было 19 верасня 2022 года. У другой палове дня мне загадалі ісці ў клуб, а дзеля чаго, як звычайна, не патлумачылі. У клубе мяне сустрэў оперупаўнаважаны Сувораў. Ён сказаў, што трэба зрабіць фотаздымак. У клубе працуе асуджаны, які выконвае працу фатографа (відаць, прывілегія нейкая, бо той асуджаны жыў не ў звычайным "кубрыку", як усе іншыя, а ў пакоі з заўгасам і старшынём савету атрада. Актывіст, як і яны. Такая эліта...) І вось гэты фатограф мяне на фотаапарат пару разоў шчоўкнуў. Я ўжо ад Суворава ведаў, што на даведку аб вызваленні, але чамусьці радасці не адчуваў, хутчэй стомленасць і смутак, як тады на "Валадарцы". Гэта бачна і па твары. Тым больш, я ўжо ведаў, што мяне з калоніі павязуць кудысьці за мяжу, не выключаў, што і па новай [крымінальнай справе] арыштуюць, таму настрой быў, як у звычайнага зэка: "Хутчэй бы адчапіліся...".
3. Вось гэты настрй і згадваю, калі зноў бачу гэты здымак. Адразу згадваюцца ШІЗА, халаднеча калоніі і г.д. Карацей, няволя. Яшчэ дарога па Беларусі з Магілёва да літоўскай мяжы, куды мяне прывезлі ў бусіку з цёмнымі вокнамі чатыры ўзброеныя міліцыянты, у якіх нават пагоны былі прыкрытыя адмысловымі ласкутамі. І гэтую даведку з фоткай, і мой пашпарт яны аддалі мне толькі там, на мяжы.
4. Таму гэты здымак, канешне, для мяне важны, "падзейны", але лішнім разам глядзець на яго няма жадання. У сямейны альбом ці архіў, які застаўся ў Мінску і я не магу да яго дабрацца, я б яго не ўставіў. Гэта дакладна. Але так, ўнукам-праўнукам будзе цікава на яго паглядзець. Вось дзеля гэтага хай захоўваецца. Яшчэ ён прыдаўся для вокладкі кнігі "Мае турэмныя муры". Дакладная ілюстрацыя.
Гісторыя пераследу
CC-BY 4.0 Human Rights Center "Viasna"