асуджана па "справе студэнтаў" да 2,5 гадоў калоніі паводле арт. 342 КК, вызвалена 30 лістапада 2022 г. з гомельскай калоніі № 4
1. Гэты здымак зроблены ў калоніі № 4 для нагруднага знака. Наогул фатаграфуюць у кожным СІЗА, у якім ты знаходзішся — для асабістай справы. Але ў калоніі робяць гэтую асобную фатаграфію для нагруднага знака. Як вядома, у нас, палітвязняў і людзей, якія знаходзяцца на прафуліку, гэтыя нагрудныя знакі жоўтага колеру.
2. Я досыць цьмяна памятаю гэты момант, таму што было вельмі кантрасна пасля СІЗА — пасля замерзлага жыцця трапіць у калонію. Гэта было літаральна ў першыя некалькі гадзін, як мы прыехалі. Нам выдалі форму. Гэта адбывалася досыць бязладна. Мы ўвесь час чакалі, каб кудысьці пайсці, пагаварыць з кімсьці. І ў нейкі з такіх момантаў мне кажуць: "Заходзь у секцыю!" Там стаялі некалькі асуджаных, якія трымалі белую прасціну. Мне кажуць устаць... І мяне ўжо фатаграфуюць. Я нават не зразумела, што адбываецца. Я заходжу ў гэтую секцыю з калідора, там гэты фатограф робіць кадр... На фота ў мяне трохі разгублены погляд, таму што я не паспела зразумець, што адбываецца, дзе я і што за прасціна.
3. Нагрудныя знакі, на якіх захаваная гэта фатаграфія, наогул выносіць забаронена. У мяне не атрымалася яе вынесці. Цяпер, калі я гляджу на гэтае фота, то я сябе не пазнаю. Не магу не думаць пра тое, што я атрымалася на ёй не вельмі [смяецца]. Такая маленькая дзявочая ўстаўка. Я б сказала, што мне нават не верыцца, што гэта я.
4. Я збіраюся захаваць гэтую даведку аб вызваленні і фота. Гэта адзіная мая фатаграфія за два гады, якая ў мяне ёсць. Два гады жыцця заключаны ў адной гэтай маленькай жоўтай фатаграфіі, дзе я ў гэтай сукенцы. Гэта частка майго жыцця, таму я не збіраюся адмаўляцца і пазбаўляцца ад гэтай фатаграфіі.
Гісторыя пераследу
CC-BY 4.0 Human Rights Center "Viasna"