асуджаны па "справе студэнтаў" да 2 гадоў калоніі паводле арт. 342 КК, вызвалены 31 траўня 2022 з шклоўскай калоніі № 17
1. Гэты здымак быў зроблены у самым пачатку "каранціну" ў ПК-17.
2. Тых, хто быў на "каранціне", папярэдзілі, што зараз прыйдзе штатны фатограф, які будзе выклікаць да сябе па адным для фота на біркі. Фатаграфаваў нас мужчына ў масцы (тады яшчэ COVID бушаваў) на выгляд гадоў 25-35, вельмі падобны да майго дазнаўцу з КДБ, які вёў мае самыя першыя допыты. Пакой быў пусты, быў толькі я і фатограф. Падчас працэсу адчуваў сябе жывёлай у заапарку ці абарыгенам, якога фатаграфуюць турысты і даследчыкі з вялікай зямлі. Адчуваў смутак і прыніжэнне.
3. Калі гляджу на гэтую фатаграфію праз паўтара гады пасля вызвалення, я часам не веру, што гэта я. Гляджу на сябе з жахам і адчуваю злосць, нянавісць у адносінах да тых, хто мяне ў гэта ператварыў.
4. Гэта непарушная частка майго мінулага, гэты здымак застанецца са мной у якасці напаміну, што старонку перавярнуць немагчыма, і дараваць гэта нельга.
Гісторыя пераследу
CC-BY 4.0 Human Rights Center "Viasna"