асуджана па "справе студэнтаў" да 2,5 гадоў калоніі паводле арт. 342 КК, вызвалена 30 лістапада 2022 г. з гомельскай калоніі № 4
1. Гэта магшот з гомельскай ПК № 4. Ён быў зроблены ў першы дзень, як я трапіла ў калонію — 20-22 кастрычніка 2021 года.
2. Як толькі ты трапляеш на тэрыторыю калоніі, цябе адразу абшукваюць, усе твае рэчы забіраюць і выдаюць жудасную форму. Як толькі ты апранаеш гэтую форму — адбываецца фатаграфаванне. Стан, у якім цябе захавалі на гэтай фатаграфіі, вельмі дзіўны. Ты толькі што перажыла этап — больш за восем гадзін транспарціроўкі ў аўтазаках, цягніку, кайданках. Не лепшы перажыты час. І вось ты нарэшце дабралася да калоніі, дзе ў цябе толькі што забралі ўсе твае рэчы, ты пакуль наогул не разумееш, што адбываецца... І вось даюць ружовую сукенку і кажуць: "Станавіся да сцяны — мы цябе сфатаграфуем!" Там нельга зрабіць некалькі дубляў. Адзін дубль — на ўвесь твой тэрмін.
3. Мне не вельмі падабаецца гэтая фатаграфія. Мне здаецца, што я выглядаю на ёй вельмі па-дурному. Я памятаю, як адчувала сябе ў моманце, і гэта непрыемнае адчуванне. Мне было вельмі непрыемна знаходзіцца ў гэтай сукенцы. Гэта былі першыя хвіліны, як я надзела на сябе гэты ружовы мяшок, і мне было настолькі дыскамфортна... Я не ведаю як гэта апісаць — гэта было агідна. Я ненавіджу сукенкі — гэта першае. Не вельмі люблю ружовы колер — гэта другое. Ну і трэцяе — я не вельмі люблю знаходзіцца ў турме. Таму гэта ўсё было непрыемна і ў цэлым ўсведамленне, што табе прыйдзецца ў гэтай сукенцы правесці бліжэйшыя два гады. Мяне вельмі прыгнятаў гэты стан і мне здавалася, што я вельмі дрэнна выглядаю і дрэнна сябе адчуваю. Так і атрымалася гэтая фатаграфія.
4. Калі я гляджу на гэта фота цяпер, то мае адчуванні не лепш. Я стараюся, вядома, не апускацца так глыбока і ўспамінаць, што я адчувала. Я стараюся глядзець на гэта фота як на перажыты вопыт. Часам я нават радуюся, што ў мяне ёсць гэта фота. Цяпер я нават больш пазітыўна да яго стаўлюся, чым негатыўна, таму што ў цэлым крута, што яно захавалася. У мяне ёсць нейкі кавалачак памяці, які дазваляе мне не забыцца той час. Мая памяць вельмі хоча ўсё забыцца і ізалявацца ад траўмы, але хочацца гэта перапрацоўваць і канвертаваць гэта ў нешта карыснае. Я беражліва захоўваю гэты фотаздымак і думаю, як яго выкарыстоўваць у далейшым. Нават ёсць ідэя карціны — спадзяюся, атрымаецца.
Гісторыя пераследу
CC-BY 4.0 Human Rights Center "Viasna"