асуджаны па "справе Вясны" да 3 гадоў калоніі паводле арт. 342 КК, вызвалены 21 ліпеня 2023 г. з віцебскай калоніі № 3
1. Гэта адзіны фотаздымак, які рабіўся адразу пасля прыбыцця ў лагер.
2. Здымак рабіўся ў спальным пакоі на "карантыне" каля сцяны. Тады я знаходзіўся, калі не ў поўнай прастрацыі, то ў цяжкім ды стрэсавым псіхалагічным стане (мне ў той час было ўсё абыякава навокал). Мяне фатаграфаваў на лічбавы фотаздымач іншы асуджаны, які там працуе ў клубе фатографам. Побач яшчэ знаходзіўся днявальны "каранціну".
3. Калі гляджу на гэтае фота, то адчуваю сваю поўную разгубленасць і бездапаможнасць у той час. Узгадваю, што я паўтары гады быў вымушаны насіць гэтае фота на бірцы турэмнай вопраткі (кліфт), а таксама амаль штодня глядзець на гэты здымак на бірцы, якая знаходзілася таксама на спінцы другога ярусу "нараў" у спальным пакоі акурат на ўзроўні твару. Унізе біркі надпіс: "Склонны да экстрэмізму ды іншай дэкструктыўнай дзейнасці!" Іншыя асуджаныя жартавалі: "Ну і рожа ў цябе Шарапаў!" Але, калі там паглядзець на здымкі іншых, дык навокал адны Шарапавы!
4. Я, безумоўна, буду захоўваць у асабістым архіве гэты фотаздымак. Што ён для мяне азначае сёння? У мяне няма адказу, але лічу, што прыйдзе час справядлівасці і нават міласэрднасці і я з задавальненнем перадам гэты дакумент у музей навейшай гісторыі рэпрэсій. Ну, а калі не здарыцца пры жыцці, то перадам дакумент сынам з пазнакай, калі не здарыцца, перадайце ўнукам...
Гісторыя пераследу
CC-BY 4.0 Human Rights Center "Viasna"