асуджаны па "справе карагодаў" да 1,5 года калоніі паводле арт. 342 КК, вызвалены 28 студзеня 2023 г. з віцебскай калоніі № 3
1. Гэты фотаздымак зроблены ў траўні 2021 года ў калоніі, якую я называў у сваіх лістах "Азкабан".
2. Фотаздымак зроблены на "каранціне". Першы этап калоніі, які цягнецца каля трох тыдняў, дзе цябе курсуюць, як рухацца па зоне і размаўляць з адміністрацыяй. Адукацыяй займаюцца самі зэкі, актыў, які супрацоўнічае з адміністрацыяй. Фота зроблена таксама вязнем, у якога у руках быў добры фотаапарат. Не ведаю, што ён рабіў, каб яму адміністрацыя давала магчымасць трымаць гэты фотаапарат, але выглядаў ён шчаслівы, бо, мяркую, лічыў сабе больш свабодны, трымаўшы рэч са свабоды ў руках. З маленькай свабодай у руках, так бы мовіць.
3. На гэтым фотаздымку я падобны на Oxxxymiron'a. Успамінаецца камера... Насамрэч, усё як пасля школы ці ВНУ: забываецца горшае, запамінаецца пазітыўнае. Успамінаю, як мы трэніраваліся ва ўмовах камеры: качаліся бутэлькамі з вадой і трэніравалі прыёмы барацьбы і ўдары, што выклікала змешаныя пачуцці ў аховы. Ці як гулялі ў шашкі з палітзняволеным Ігарам Гарчанюком — сабралася цэлая камера глядзець, як мы гуляем, а пару сукамернікаў хацелі, каб менавіта я праіграў, каб яны пасмяяліся над нашай салідарнасцю, бо негледзячы на "турму" мы сапраўды з Ігарам пасябравалі. Негледзячы на тое, што Ігар лепш мяне гуляе ў шашкі, ён спецыяльна звёў гульню ў нічыю, хоць мог мяне перамагчы, у чым мне потым прызнаўся, каб не даць рады іншым зняволеным забіць паміж намі кол. І гэта было моцна!
4. Гэта эпоха. Помнік часу, у якім я быў і застаюся быць. Усё ёсць і было як у фільме. І бывае думаеш: "Няўжо гэта было са мной?" Мне здаецца, што мае ўнукі мне не павераць, і будуць думаць, што дзед выдумляе і не выпіў таблетку. "Ну якія два гады за каментары — дзед, ну ты даеш, можа яшчэ за падпіску на СМІ судзілі? Ага, і ў ШІЗА два на два метры ты сядзеў цэлы тыдзень, і чачэнскую мову вучыў, і са шпіёнамі і наркабаронамі сядзеў, і следчым быў і з жоўтай біркай хадзіў, ну да, ну да..." І ніхто не адкажа мне "дик ву" на "хьо мух ву". Ды я і сам сваім успамінам бывае не веру.
Гісторыя пераследу
CC-BY 4.0 Human Rights Center "Viasna"