асуджаны за ўдзел у паслявыбарчай акцыі пратэсту да 2,5 гадоў калоніі паводле арт. 364 КК, вызвалены 31 снежня 2022 г. з магілёўскай калоніі № 15
1. Гэта фота з маёй даведкі аб вызваленні, але тая ж самая фатаграфія была і на маёй бірцы. Іх перад вызваленнем прымушаюць сарваць з формы. Не ведаю пра ўсіх вязняў, што вызваляюцца, а палітычных — дакладна.
2. Рабілі фота на "каранціне" ў першы дзень знаходжання ў калоніі. Ставілі нас да сцяны па чарзе і актывіст (зняволены, які выконвае некаторыя абавязкі для адміністрацыі) з фотаапаратам здымаў. Я не спрабаваў, але кажуць, усміхацца для гэтага фота не дазваляюць.
3. Гледзячы на гэта фота, ды і проста ўзгадваючы адлюстраванне ў люстэрку на зоне, я ўспамінаю, наколькі я быў забітым і напалоханым першыя паўтара года, а таксама думаю пра тое, наколькі гэта нармальна — пазбаўляць чалавека такіх базавых правоў як, напрыклад, банальна адгадаваць валасы. Я ніколі не лічыў, што пазбаўленне волі павінна прымяняцца ў такіх маштабах, у якіх яно ўжываецца ў свеце, і пасля свайго тэрміну толькі пераканаўся ў гэтым.
4. Калі я распавёў іншым былым палітвязням, што не стаў захоўваць сваю форму, а адразу яе выкінуў, яны вельмі здзівіліся, маўляў, гэта ж успамін і гэтак далей. А мне не патрэбныя такія памятныя рэчы не патрэбныя, ні фота, ні целагрэйку. Мае ўспаміны і так заўсёды са мной, таму сама фатаграфія нічога для мяне не значыць, іншая справа — ўспаміны пра тыя часы, успаміны пра сталенне і ўзвядзення асабістых межаў.
Гісторыя пераследу
CC-BY 4.0 Human Rights Center "Viasna"