асуджаны да 2 гадоў "хіміі" (потым замянілі на калонію) за раскіданыя самарэзы паводле арт. 339 КК, вызвалены 14 верасня 2022 г. з шклоўскай калоніі № 17
1. Фатаздымак зроблены у школўскай калоніі №17, пасля таго, як мне замянілі абмежаванне волі на пазбаўленне волі.
2. "Сталыпінскі вагон" спыніўся, я пачуў кліч цягніковага вертухая “Пархімык, на выхад”. Я з кэшарам і у кайданках быў пагружаны у аўтазак, і хутка мы пад’ехалі да варрот калоніі. Я зразумеў, што этап завершаны. Нас пасадзілі на картаны — рукі за галаву. Лай сабак, кожнага па чарзе заводзілі ў памяшканне каранціну, дзе ставілі, як малп, у адмысловую клетку. На нашых вачах “казлы” (памагатыя адміністрацыі з ліку зэкаў) каранціна пачалі разбіраць “кэшар” (нашыя сумкі).
З клеткі пад мат і абразы нас вызывалі, каб выдаць зэкаўскую робу і боты. І вось дайшла і мая чарга. Мне выдалі чорны кліфт, штаны, грубыя боты і кепку. Зайшоў дзяцька, цікавы тым, што быў апрануты у грамадзянскае адзенне, і не лаяўся матам. Я ужо некалькі месяцаў не бачыў людзей ў звычайным грамадзянскім адзенні, і гэта было як глыток волі ва ўсім цемрашальства ГУЛАГа.
3. Я адчуваю зло. Увасабленне зла ў жудаснай чорнай пляме. Ракавая пухліна, якая паглынае чалавечнась у людзях, і робіць іх адзінай таталітарнай сістэмай. Думаю пра тых вясковых хлопцаў, якія сціскалі кайданкі ў пажылой жанчыны так, што яна крычала ад болі цягам усяго шляху аўтазака. Чаму яны такія сталі? Думаю пра вертухая, які вешаў мне парушэнне за тое, што я размясціў малюнак свайго сына ў тумбе. У яго ж таксама ёсць дзеці. І маці, якая яго вырасціла. Думаю аб выраку звычайнаму немцу, працай якого было проста і механічна адкрываць люк, праз які ішоў Цылон-Б. Ён жыў ў гэтай нармальнасці, а потым яго павесілі.
4. Гэты здымак аказаўся ў маёй асабістай справе і жоўтай бірцы, якую па вызваленні я зашыў ў каўнер і вынес разам з робай. Цяпер роба знаходзіцца ў музеі Скарынаўскай бібліятэкі у Лондане побач з робай Ларысы Геніюш і Наталлі Хершэ. Хай памятаюць нашчадкі пра цыклічнась тэрору, калі семя ГУЛАГу не задушыць цалкам. І робяць, нарэшце, высновы.
Гісторыя пераследу
CC-BY 4.0 Human Rights Center "Viasna"