адразу змешчаны ў ЛТП, а потым асуджаны за каментар пра Лукашэнку да 1,5 гады калоніі паводле арт. 368 КК, вызвалены 17 снежня 2022 г. з бабруйскай калоніі № 2
1. Гэта здымак зроблены ў гродзенскім ЛПП № 5.
2. Я выдатна запомніў гэты дзень, таму што была лютая зіма і былі вельмі моцныя маразы — замярзалі і трэсліся ўсе. На фатаграфіі можна ўбачыць, што на мне зімовая куртка — адзінае, што ў мяне было цёплае на той момант, таму што іншых рэчаў мне з сабой не далі. Гэта былі першыя дні пасля затрымання на "каранціне". Яшчэ гэты дзень мне запомніўся стаўленнем супрацоўнікаў, якія выгналі нас усіх — каля 50-60 чалавек — на вуліцу на мароз. Прыйшоў супрацоўнік, апрануты ў бушлат і зімовую шапку (мы яму зайздросцілі), і пачаў гарлапаніць на нас, якія мы свінні, быдла і няголеныя малпы. Ён прымусіў двух чалавек трымаць белую прасціну на фоне цаглянай сцяны. І вось на фоне гэтай прасціны на вуліцы на марозе нас па чарзе фатаграфавалі. Тым людзям, якія па чарзе трымалі гэтую прасціну, вядома, не пазайздросціш, таму што яны трэсліся ад холаду. Яны трымалі прасціну знізу і зверху, і відаць было, як у іх замярзалі рукі. Я бачыў гэтыя бардовыя рукі — гэта было жудасна. Я маліўся, каб не стаць наступным трымаць гэтую прасціну. А чалавек, які станавіўся на фоне прасціны, атрымліваў дадатковы каментар у свой бок нібыта "жывёла" або "сабака". Таму гэты дзень я запомніў вельмі добра.
3. Калі я гляджу на гэта фота, то ў мяне, як і ў маёй жонкі, гэта выклікае ўсмешку, таму што, калі прыгледзецца, я на гэтым фота крыху ўсміхаюся. Хоць было і халодна, і мяне трэсла, як і ўсіх астатніх, я ўсё роўна адчуваў нейкую ўнутраную перавагу над тым, што там адбываецца. Мяне ўпеклі ў ЛПП за тое, што я не рабіў, таму мной рухала пачуццё справядлівасці і тое, што ўсё роўна надыдзе нешта лепшае і светлае. Я стараўся ўсім сваім выглядам паказваць, што яны са мной нічога не змогуць зрабіць. Таму памятаю, што я трохі ўсміхаўся, але не моцна абуральна, каб не справакаваць чарговы гнеў у свой бок. Але ў гэты ж час, калі гляджу на фота, то ўзгадваю шэрасць і блякласць, тугу, сум і боль. Я тады бачыў вакол сябе толькі шэрыя твары. Ведаеце, прычоска шмат мяняе. Калі вакол усе лысыя і ты такі ж, то зліваешся з агульнай масай. З часам ты пачынаеш пазнаваць усіх па тварах, а адразу гэта ўспрымаецца як адна шэрая маса. Гэта выклікае дэпрэсію. Можа таму ўсіх зняволеных стрыгуць — не толькі па гігіенічных прычынах.
Прайшоўшы калонію і прачытаўшы шмат літаратуры пра сталінскія лагеры, я разумею, наколькі мы недалёка сышлі ад гэтай сталінскай сістэмы рэпрэсій і наколькі Беларусь засталася блізкая да яе. Я гляджу на гэта фота: у мяне ідуць успаміны пра тое, што са мной адбывалася, і тут жа ў мяне асацыяцыі з людзьмі, якія праходзілі праз тыя лагеры. Вядома, узровень катастрофы немагчыма параўноўваць, ім давялося пацярпець нашмат больш, але сама сістэма засталася той жа. І гэта ў мяне выклікае выбух у галаве, што прайшло столькі гадоў, а наша так званая ўлада так нічога і не дамаглася. Яна так і засталася тым рэпрэсіўным органам, які проста крыху завуаляваны.
4. Фотаздымкі я захоўваю. І зраблю ўсё, каб яны засталіся са мной да канца маіх дзён. Лічу, што я з'яўляюся часткай пратэсту 2020 года. Ён адназначна ўвайшоў у гісторыю, а значыць я маленькая яе частка. Гэтыя здымкі доказы таго, што адбываецца ў нас і па сённяшні дзень, на жаль. Я захоўваю іх не толькі для сябе, але і для сваіх дзяцей. Падобныя дакументы, якія яны могуць узяць у рукі, будуць з'яўляцца сведчаннем пра тое, што я прайшоў лукашэнкаўскія лагеры ў Беларусі накшталт сталінскіх. Можа яны сваім дзецям пра дзядулю будуць распавядаць. Лічу важным захаваць фота і для сябе, і для наступных пакаленняў.
Гісторыя пераследу
CC-BY 4.0 Human Rights Center "Viasna"