Вольга Дубовік

асуджана па "справе цюкоў" да 1 года калоніі паводле арт. 339 КК, вызвалена 17 траўня 2022 г. з гомельскай калоніі № 4

Што гэта за фотаздымак?

1. Гэта фатаграфія з даведкі аб вызваленні.

Як рабіўся гэты фотаздымак: што Вы адчувалі, у якіх умовах ладзілася фотаздымка, што адбывалася побач і хто фатаграфаваў?

2. Рабілі яго ў калоніі № 4 у Гомелі. Супрацоўнікі калоніі фатаграфавалі ў першы ж дзень па чарзе ўсіх, хто толькі прыехаў. Дзень выдаўся нялёгкі, мітуслівы, але і дрэнным яго нельга назваць. Позна ўвечары пачаўся этап з Магілёва ў Гомель. Ехалі ў "сталыпіне" ўсю ноч, таму нармальна не выспаліся. Потым, як звычайна: "шмон", душ, сартаванне рэчаў (што можна браць з сабой, а што ідзе на склад). Нам усім выдалі аднолькавую форму, мы запаўнялі нейкія тэсты і была іншая мітусня. Затое мы ўбачылі вуліцу — дрэвы і дамы, нармальныя вокны без вейчыкаў, з якіх бачны прагулачны дворык і нейкія склады. Убачыла сваё адлюстраванне ў люстэрку пры нармальным асвятленні. І хутка было заканчэнне тэрміну — праз тры тыдні! Але ў гэтым я не была дакладна ўпэўненая, баялася, што маглі адкапаць яшчэ што-небудзь з мінулага. Так што, была стомленая, але настрой быў нядрэнны.

Што Вы адчуваеце і ўзгадваеце цяпер, калі глядзіце на гэтае фота?

3. Што адчуваю цяпер — складана сказаць. Асаблівых эмоцый фота не выклікае, але ўзгадаць ёсць што. Вопыт пражывання ў турме няпросты, але гэта менавіта вопыт. Стала зразумела, што нам неабходна будзе мяняць і сістэму выканання пакаранняў — занадта шмат там няправільнага. На жаль, нешта з часам забудзецца, але самыя галоўныя высновы застануцца: гэтая сістэма можа зламаць чалавека, пакалечыць фізічна, зрабіць яго горш, дэзарыентаваць, але выправіць — нездольная ніколі.

Што гэты фотаздымак значыць для Вас і ці будзеце захоўваць яго?

4. Фота пакіну, бо гэта памяць пра тое, што нельга забываць.

Гісторыя пераследу

Хачу паўдзельнічаць

Каб далучыцца да праекта, запоўніце і адпраўце форму. А мы дададзім ваш магшот на сайт.