асуджаная па "справе студэнтаў" да 2,5 гдаоў калоніі паводле арт. 342 КК, вызвалена 30 лістапада 2022 г. з гомельскай калоніі № 4
1. Гэта фота з даведкі аб вызваленні з калоніі, дзе я прабыла год і месяц. Менавіта такое ж было на маёй жоўтай бірцы.
2. Я памятаю, што гэта фота зрабілі ў першы-другі дзень майго "каранціну" — напрыканцы кастрычніка 2022 года. Прыйшла відэографка — таксама зняволеная. Суседкі па "каранціну" расцягнулі прасціну. Нам сказалі прывесці форму ў парадак — дастаць каўняры з-пад пінжака. Было хвалююча — робім першае фота за доўгі час. Нас сфатаграфавалі на відэакамеру. У той дзень фоткалі ўсіх "падзельніц", з якімі я сядзела на "каранціне". Я чакала нарэшце ўбачыць сваю фатаграфію, каб зразумець, як я выглядаю з боку. Фота рабілі і ў іншых установах, але на сабе насіць маглі мы толькі ў калоніі.
3. Калі я натыкаюся на гэтую даведку, то я часта спыняюся, узгадваючы, як было ху*ва, і параўноўваючы, як моцна мне стала лепш. Я ўспамінаю, як мы абмяркоўвалі з падзельніцамі, як мы на іх атрымаліся. Пра мяне казалі, што я падобная на "174" [артыкул Крымінальнага кодэкса за нясплату аліментаў] з пяццю дзяцьмі. Узгадваю свае адчуванні, гледзячы на гэта фота. Я памятаю, як адчувала зацікаўленасць. Думала: "А вось, як я выглядаю". Я часта магла глядзець на гэта фота і разглядаць яго (так, гэта дзіўна). Я тады ўжо доўгі час не магла зразумець, хто я. Я была выдаленая ад кантакту з сабой, мне цяжка было ўявіць, як я выглядаю на самай справе. Гэта фота дапамагала мне знайсці кантакт. Візуальна мне ўспрымаць прасцей. Таксама я ўспамінаю страх і злосць.
4. Вядома, я буду захоўваць яго. Як мінімум таму, што гэта даведка аб вызваленні і гэта важны дакумент.
Гісторыя пераследу
CC-BY 4.0 Human Rights Center "Viasna"